
Нараўлянскі дзяржаўны каледж — гэта 80-гадовая гісторыя, больш за 30 тысяч выпускнікоў і заўсёды запатрабаваныя прафесіі.
Нараўлянскі раён — адзін з самых пацярпелых пасля аварыі на ЧАЭС. Аднак тут усе гады з моманту катастрофы прыкладаюць максімум намаганняў, каб стварыць неабходныя ўмовы для атрымання моладдзю якаснай адукацыі. Нараўлянскі дзяржаўны каледж — яркае пацвярджэнне гэтага. Тут не проста вучаць прафесіі. Тут вучаць любіць сваю справу, паважаць працу, верыць у сябе і бачыць перспектывы прафесійнага развіцця на сваёй малой радзіме.
Ад суднаверфі да сучасных тэхналогій
Гісторыя Нараўлянскага дзяржаўнага каледжа пачалася 4 кастрычніка 1946 года. Тады на базе Нараўлянскай суднаверфі была створана школа фабрычна-завадскога навучання, дзе рыхтавалі суднацесляроў. Ішлі гады, змяняліся назвы і профілі: у 1951 годзе школа стала вучылішчам механізацыі сельскай гаспадаркі, у 2013-м установа атрымала статус прафесійнага ліцэя, а ў 2022-м — каледжа.
Гэтымі днямі Нараўлянскі дзяржаўны каледж адзначае 80-годдзе. За ўвесь час тут падрыхтавалі больш за 30 тысяч спецыялістаў — людзей, якія працуюць і на зямлі, і на вытворчасці, у гандлі і грамадскім харчаванні па ўсёй краіне.
— У нас атрымлівае прафтэхадукацыю 281 навучэнец: 199 хлопцаў і 82 дзяўчыны. Займаюцца яны ў дзесяці групах на трох курсах. Навучанне вядзецца па трох асноўных напрамках. У межах першага падлеткі авалодваюць спецыяльнасцямі “Эксплуатацыя і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі” і “Эксплуатацыя, рамонт і абслугоўванне аўтамабіляў” з прысваеннем кваліфікацый трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці, слесара па рамонце сельгасмашын і абсталявання, а таксама вадзіцеля аўтамабіля катэгорыі С. Прычым гэтыя прафесіі штогод найбольш папулярныя ў нашых абітурыентаў, — расказаў дырэктар каледжа Віктар Прадчанка.
Другі напрамак ахоплівае спецыяльнасці “Абслугоўванне і выраб прадукцыі ў грамадскім харчаванні” і “Гандлёвае абслугоўванне”. Выпускнікі атрымліваюць кваліфікацыі кухара і прадаўца. А трэці — гэта спецыяльнасці “Эксплуатацыя, рамонт і абслугоўванне аўтамабіляў” і “Агульнабудаўнічыя работы”. Асвойваючы іх, падлеткі набываюць навыкі вадзіцеля, слесара па рамонце аўтамабіляў і муляра.
— Некаторыя прафесіі мы чаргуем. Так, адзін год набіраем муляраў, а другі — наладчыкаў абсталявання ў вытворчасці харчовай прадукцыі, а таксама вар’іруем прафесіі прадаўца і швачкі ў залежнасці ад патрэб заказчыкаў кадраў, — праінфармавала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Алена Філонава.
Нараўлянскі каледж не стаіць на месцы і своечасова рэагуе на патрабаванні работадаўцаў. Пацвярджэнне гэтага — дзве кваліфікацыі, адкрытыя летась спецыяльна для “Чырвонага Мазыраніна”, — гэта “наладчык абсталявання ў вытворчасці харчовай прадукцыі” і “вытворца мармеладна-пасцілачных вырабаў”.
— Наш каледж у асноўным аграрнага профілю, таму і кадры пераважна рыхтуем для сельскай гаспадаркі, — адзначыў Віктар Мікалаевіч. — Але ў сувязі з патрэбамі заказчыкаў кадраў дадаткова рыхтуем яшчэ па шэрагу прафесій. Наборы заўсёды выконваем, прычым апошнія два гады нават на конкурснай аснове.
Паступаюць у каледж выключна выпускнікі 9-х класаў. Тэрмін навучання на ўсіх спецыяльнасцях — 2 гады і 10 месяцаў. У 2026 годзе прыняты 90 першакурснікаў.
— Большасць абітурыентаў, што паступаюць да нас, маюць невысокі сярэдні бал пасведчання аб агульнай базавай адукацыі, але потым многія павышаюць яго ў час навучання, — акцэнтаваў увагу дырэктар установы. — У асноўным да нас прыходзяць мясцовыя падлеткі, але ёсць і навучэнцы з Мазыра, Петрыкава, Ельска, Гомеля і іншых блізкіх раёнаў. Усім іншагароднім прадастаўляем месца ў інтэрнаце.
У каледжы 18 кабінетаў, пяць лабараторый, а таксама слясарная, швейная і рамонтная майстэрні. Напрыклад, у кабінеце “Будова і эксплуатацыя аўтамабіляў” размешчаны рухавікі, трансмісіі і каробка перадач у разрэзе, каб навучэнцы маглі не проста ўбачыць, але і дакрануцца да дэталей, з якіх яны складаюцца. А ў швейнай майстэрні стаяць сучасныя машынкі, ідэнтычныя тым, што ўсталяваны на вытворчасці.
Асаблівая гордасць каледжа — сістэма дакладнага земляробства і навігацыі. Гэта ўнікальная распрацоўка, якая павышае дакладнасць і эфектыўнасць працы ў полі дзякуючы выкарыстанню спадарожнікавай навігацыі, дакладных карт і лічбавых даных для максімальнай эфектыўнасці работы тэхнікі і эканоміі рэсурсаў.
— Укараненне такіх тэхналогій у працэс навучання дазволіць моладзі зразумець, з чым яна заўтра сутыкнецца ў штодзённай дзейнасці на першым працоўным месцы. Сістэма дакладнага земляробства і навігацыі — гэта спецыяльны руль, які мы ўсталёўваем на трактар, што дазваляе рухацца на аўтапілоце, які самастойна кіруе тэхнікай па дакладна зададзеных параметрах і дапамагае, напрыклад, наразаць больш роўныя палосы для сяўбы. Мы праводзілі эксперымент, хто лепш справіцца — сістэма альбо вопытныя майстры, і, што вы думаеце, чалавек прайграў, — патлумачыў выкладчык спецдысцыплін Уладзіслаў Каламбар.
Нараўлянскі каледж стаў базай для навучання новым тэхналогіям не толькі сваіх навучэнцаў, але і прадстаўнікоў іншых устаноў, а таксама працаўнікоў рэгіёна.
Матываваць і навучыць
Падрыхтоўку навучэнцаў у каледжы вядуць 25 кваліфікаваных выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання. Многія прыйшлі ў педагогіку з вытворчасці, іх практычны вопыт асабліва каштоўны.
Уладзіслаў Каламбар працуе больш за пяць гадоў. Спачатку быў майстрам вытворчага навучання, а з новага навучальнага года выкладае спецдысцыпліны: “Будова аўтамабіля”, “Слясарная справа”, “Ахова працы” і “Прававыя асновы дарожнага руху”.
— Больш за ўсё юнакоў цікавіць будова аўтамабіля, бо ўсе імкнуцца атрымаць вадзіцельскае пасведчанне. Гэта жаданне становіцца іх галоўным матыватарам у авалоданні прафесіяй, — дадаў Уладзіслаў Сяргеевіч. — Калі яны будуць адставаць, дрэнна вучыцца, ленавацца, то не атрымаюць допуск на здачу на катэгорыю C, а без яе не адкрыюць і катэгорыю B.
У маладога выкладчыка з навучэнцамі невялікая розніца ва ўзросце, што дапамагае наладжваць кантакт. Ён матывуе іх на паглыбленае авалодванне прафесіяй, у тым ліку прыводзячы статыстыку заработнай платы, бо ўжо на першапачатковым этапе работы яны змогуць атрымліваць ад 1,5 да 2 тысяч рублёў.
Выкладчыца спецдысцыплін Ілона Шумянцова працуе ў каледжы з 2000 года. Яна выкладае такія прадметы, як “Абсталяванне швейнай вытворчасці”, “Тэхналогія швейнай вытворчасці”, “Матэрыялазнаўства”, “Спецмалюнак” і “Канструяванне”.
— У першую чаргу перадаю дзяўчатам практычныя прафесійныя навыкі, якія дазволяць ім стаць запатрабаванымі на рынку працы, — расказала яна. — Першая мая прафесія — закройшчык, таму навучэнцам часта паўтараю, што яны сваімі рукамі заўсёды змогуць зарабіць на хлеб з маслам.
Ілона Уладзіміраўна пацвердзіла, што, як правіла, на ўзровень прафтэхадукацыі паступаюць абітурыенты з невысокімі баламі, аднак яе гэта не пужае:
— Затое з такіх дзяцей атрымліваюцца добрыя спецыялісты. Вядома, бываюць цяжкасці падчас шыцця, але тады я саджуся побач за швейную машынку — і мы разам працуем. Многія мае выпускніцы паступаюць затым на ўзровень ССА ў іншыя каледжы або ва ўніверсітэт, выбіраючы педагагічныя, тэхналагічныя і нават медыцынскія спецыяльнасці.
Усім выпускнікам каледжа гарантавана працаўладкаванне ў арганізацыях і на прадпрыемствах, з якімі ва ўстановы заключаны дагаворы. Сярод іх — “Жылкамбуд”, “Козенкі-Агра”, эксперыментальная база “Крынічная”, Нараўлянскі завод гідраапаратуры, Нараўлянскае ПМС, Нараўлянскі спецлясгас, аўтобусны аўтапарк № 2 Мазыра і іншыя.
— Наш каледж варта выбраць, таму што, па-першае, у нас шмат вопытных майстроў, якія не адзін год працуюць. Матэрыяльна-тэхнічная база не самая дрэнная, бо далёка не ў кожным каледжы ёсць аўтаматычная сістэма пілатавання, — перакананы У.Каламбар.
Ілона Шумянцова заўважыла: калі праводзіць прафарыентацыйную работу, дзевяцікласнікам гаворыць, што ў каледжы яны атрымаюць запатрабаваную прафесію абсалютна бясплатна, а яшчэ ў час вытворчых практык самастойна заробяць першыя грошы.
— Да таго ж яны змогуць павысіць сярэдні бал атэстата дзякуючы спецпрадметам, і ў далейшым паступіць ва ўніверсітэт у іх атрымаецца без здачы ЦТ. Наш каледж — гэта не проста навучальная ўстанова. Гэта месца, дзе пачынаецца шлях у прафесію і ў жыццё, — рэзюмавала выкладчыца.